Уладзімір Шыцік - Шыцк - Шорахі чужой планетыПроза и поэзия >> Литература ближнего зарубежья >> Белорусская литература >> Уладзімір Шыцік Читать целиком Уладзімір Мікалаевіч Шыцік. Шорахі чужой планеты
---------------------------------------------------------------------
У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975
OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года
---------------------------------------------------------------------
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і
накіруюцца да далёкіх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзі, магчыма, значна
пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што
напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб іх прыгодах,
лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.
Усё навокал было аднастайнае, панылае: голыя, разбураныя часам горы,
кратэры з аплаўленымі схіламі, пясчаныя плато, звілістыя, як рэчышчы
колішніх рэк, сухія даліны. Нешта сярэдняе паміж Месяцам і Марсам.
Углядаючыся ў гэты сумны пейзаж, Балачан іншы раз сам здзіўляўся, чаго гэта
ён трапіў сюды, хаця менавіта цераз ягоную настойлівасць і адкрылі тут
назіральную станцыю. Аднак на Зямлі яму ўсё ўяўлялася інакшым.
Экспедыцыя Тураўца, якая вярнулася з прасторы паўстагоддзя назад,
заўважыла на гэтай планеце сістэмы Лаланда нешта незвычайнае. Быццам, як
толькі далёкі і яркі Лаланд хаваўся за небасхілам і на небе блакітным
россыпам успыхвалі зоркі, у вузкіх цяснінах, што былі паблізу стаянкі
зоркалёта Тураўца, узнікалі таямнічыя шорахі.
Тады Тураўцу не вельмі паверылі. Ад планеты, якую папярэднія экспедыцыі
назвалі Каменным мячыкам, ніхто нічога незвычайнага не чакаў. Паведамленне
паклалі ў архіў, і там яно праляжала аж да таго часу, пакуль на яго не
наткнуўся ён, Балачан.
Хто іншы наўрад ці звярнуў бы ўвагу на гэтыя радкі між вялізнай па
аб'ёму і разнастайнасці інфармацыі, якую даставіла экспедыцыя. Балачан жа
любіў касмічныя загадкі, лічыў, што кожная з'ява павінна мець тлумачэнне.
Гэта не мела.
Балачан адшукаў Тураўца, які ўжо не хадзіў у прастору, і папрасіў
расказаць пра тыя шорахі больш падрабязна, чым было ў справаздачы. Начальнік
экспедыцыі нічога асаблівага не дадаў. Сказаў, што іх уразіла адчуванне
нейкай перамены ў начным жыцці планеты, і хаця яны яе не зразумелі, у
дзённіку, аднак, зрабілі запіс. Чаму не праніклі ў сутнасць? Пашкадавалі
часу, бо нічога пэўнага не бачылі. Балачан, калі ўжо яму што ўбівалася ў
галаву, рабіўся напорыстым. Ён цэлы дзень тузаў пытаннямі Тураўца, і ўрэшце
ў густым тумане, які ахутваў таямніцу шорахаў, нібы бліснуў няпэўны промнік.
У адну з начэй, як успомніў Туравец, у іх двойчы прападала радыёсувязь паміж
зоркалётам і пошукавымі групамі, якія працавалі ў цяснінах. Ненадоўга,
хвіліны на тры кожны раз. Прычыну высветліць, аднак, не ўдалося.
Спецыялісты зоркалёта тады выказалі меркаванне, што ва ўсім было,
відаць, вінаватае пераменнае сілавое поле планеты, якое на той выпадак магло
рэзка ўзмацніцца. І хаця ніхто раней гэтага поля не заўважаў, слова
"пераменнае" адыграла сваю ролю і з вывадам спецыялістаў пагадз'шіся. Таму і
трапіла паведамленне Тураўца на паліцу ў сховішча. А Балачана супадзенне
насцярожыла.
Пасля размовы з Тураўцом Балачан распачаў бурную дзейнасць. Хадзіў па
камітэтах Акадэміі навук, даказваў, пераконваў, патрабаваў. І дамогся
свайго. Разам з двума добраахвотнікамі, такімі ж шукальнікамі касмічных
таямніц - Камаем і Тарасевічам, - ён апынуўся на Каменным мячыку. З таго дня
прайшло ўжо сорак зямных сутак, а ён усё яшчэ не мог па-шчырасці сказаць,
дарэмна ці не ляцелі яны сюды. Калі і была таямніца, то планета моцна
трымала яе, паспяхова хаваючы ад чужых вачэй і вушэй. Здавалася, не хопіць
таго года, які быў адмераны Балачану і таварышам на пошукі таямніцы планеты.
Кожны вечар адзін з іх тройкі адпраўляўся да цяснін, дзе людзі Тураўца
адзначылі начныя шорахі. Там была створана назіральная станцыя. Ва ўтульным
доміку, абсталяваным дасканалай тэхнікай, можна было, не баючыся нічога
непрадбачанага, сачыць за тым, што адбываецца на схілах гор і ў далінах. А
сачыць, уласна, не было за чым. Праўда, шорахі ўзнікалі. Чуйныя прыборы
ўлаўлівал! нешта падобнае на рух, быццам нехта спрытны і асцярожны краўся
паўз сцены назіральнай станцыі. Прынамсі, так гучалі ў навушніках гэтыя
шорахі. Але калі іх пакідалі істоты, то былі яны, напэўна, невідзімкамі, бо
на экранах ні разу не мільгнуў нават цень. І Камай з Тарасевічам усё часцей
заўважалі Балачану, што шорахі хутчэй за ўсё ўзнікаюць у выніку значнай
розніцы дзённых і начных тэмператур, якія параджаюць пэўныя электрычныя
з'явы.
Гэта было вельмі падобна на праўду, і ў Балачана пасля такіх размоў
пачынала трывожна ныць сэрца. Ён пакутліва думаў тады, ці не дапусціў
памылкі, паддаўшыся ўяўнай загадкавасці выпадку. Потым перакананасць брала
верх. Шорахі ж існавалі, а сілавое поле - не. І нават калі ён з хлопцамі
высветліць, чаму перарывалася сувязь, вядома, калі гэтая з'ява мае дачыненне
да планетных умоў, то і тады яны не дарэмна прыбылі сюды. Але, як на тое,
сувязь працавала бездакорна, і Балачан губляўся, што яму разгадваць - шорахі
ці правалы ў сувязі.
- Слухай, Балачан, - сказаў аднойчы Тарасевіч, вярнуўшыся з начнога
дзяжурства, - давай адкладзём наша паляванне за шорахамі. Усё роўна, калі іх
робяць здані, мы іх не заўважым.
Наставала раніца іх сорак першага дня на Каменным мячыку. У далёкай
вышыні засвяціліся няпэўныя залацістыя водбліскі.
- Падман, бутафорыя, - працягваў Тарасевіч, ківаючы на пасвятлелае
неба. - Гэта сімвалічная атмасфера не захоўвае ні цяпла, ні холаду. Таму і
трашчыць усё навокал.
- Уначы? - нечакана пачулася з суседняга пакоя, дзе спаў Камай.
Балачан прыслухаўся. У гэтым пытанні-рэпліцы мільгнуў нейкі прыхаваны
сэнс.
- Табе мала начных? - Тарасевіч зазірнуў у пакой таварыша.
- Мала! - Камай выйшаў, не апрануўшыся, у трусах, нібы былі яны на
роднай Зямлі, а не за трыльёны кіламетраў ад яе. - Ты мне скажы, чаму ўдзень
мы нічога падобнага не чуем?
- Бо не слухаем, - паціснуў плячыма Тарасевіч і падышоў да століка, на
якім дзяжурны Балачан рыхтаваў яму сняданак. - Быка з'еў бы!
- Учора слухаў, - не адставаў Камай.
Тарасевіч насмешліва зірнуў на яго і адправіў у рот ладны кавалак
смажанага мяса. Не пражаваўшы добра, з'едліва спытаў:
- Трашчыць?
- Як тонкі лёд пад нагамі...
Камай быў сур'ёзны, і Балачан раптам адчуў непакой.
- Пакуль ты вартаваў здані, я параўноўваў запісы шумаў...
- І што? - не вытрымаў Балачан.
- Ёсць розніца. Дакладней, уначы выдзяляюцца іншыя шумы, відаць, тыя,
якія мы ўмоўна называем шорахамі. - Ён заскочыў у лабараторыю і прынёс
стужку, на якой пяро асцылографа пакінула хвалепадобныя сляды. - Вось
паглядзіце самі.
Балачан быў гатовы расцалаваць Камая. Але стрымаў эмоцыі, пабаяўся
кпінаў вострага на язык Тарасевіча. І яшчэ яму было ніякавата, што гэта
простая думка аб параўнанні шумаў прыйшла ў галаву не яму, старшаму ў іх
маленькай групе, а Камаю, хлопцу, які толькі-толькі скончыў універсітэт.
Узяўшы стужку, ён нічога не сказаў таварышам і зачыніўся ў лабараторыі.
- Што гэта са старым? - здзівіўся Тарасевіч. Балачан быў старэй іх год
на дзесяць, не болей. Аднак ім, дваццаціпяцігадовым, ён здаваўся пажылым. Да
таго ж, яны не забывалі, што за яго плячыма адкрыццё лёсу зоркалёта, які
адправіўся некалі да Палукса. Таму і называлі Балачана паміж сабой старым.
- А ты спакойны? - не адказваючы, спытаў Камай.
- Парсекі - не тая адлегласць, якую мераюць дзеля забавы. Я таксама
хачу знайсці нешта новае. І ні ты, ні стары не можаце папракнуць мяне, што я
раблю нешта не так. Але хіба мая віна, што мы гонімся за міражом?
- Не верыш Балачану?
- Я не ў адпачынку і буду рабіць усё, што ён загадае.
- Ты нібы перакладваеш адказнасць.
- Дзівак ты, Камай, у нас адзін лёс. Але я аддаю перавагу надзейнай
ідэі.
Камай хацеў нешта адказаць на гэта. Тарасевіч перабіў яго:
- Даруй, я стаміўся.
Камай пачакаў, пакуль ён пойдзе, і падышоў да акна. Іх база была
абсталявана на тэрасе, якая ўтварылася на паўднёвым схіле старой гары.
Тэраса была роўная, як спецыяльна прыгладжаная, навісала над шырокай
далінай, і з яе добра прагледжваліся нават аддаленыя на дзесяткі кіламетраў
горы. Самае месца для базы на планеце, дзе няма зручных дарог.
Акно было шырокае, на ўсю сцяну, і прапускала столькі святла, што часам
Камаю здавалася, нібы ён фізічна адчувае, як хвалі фатонаў нястрымным
патокам урываюцца ў памяшканне і вось-вось змятуць хліпкую празрыстую
перашкоду на сваім шляху, якой была шыба з тонкага пластыку. Святла
даходзіла столькі, што без цьмяных акуляраў немагчыма было доўга глядзець
праз акно - нават блізкія прадметы зліваліся ў адно і ў вачах з'яўлялася
рэзь.
Але людзі не хацелі заценьваць сваё акно. Пасля доўгіх год, праведзеных
у чорнай прасторы воддаль ад роднага Сонца, ім і чужы Лаланд з яго нясцерпна
яркімі праменнямі раптам здаўся блізкім. Яны не маглі нацешыцца з яго
святла.
Недзе там, унізе, дзе ад даліны, як прапіленыя, адгаліноўваліся тры
вузкія камяністыя цясніны, прытулілася назіральная станцыя. Адсюль яе
простым вокам не разгледзець - маленькі, на адну аператарскую залу домік без
акон. Уначы, калі вядуцца назіранні, яны непатрэбныя. Іх замяняюць экраны,
звязаныя з гравіметрамі, інфралакатарамі, сейсмографамі, энергаўлоўнікамі і
іншымі прыборамі, якія патрэбны, каб нават малекула, чужародная гэтаму
асяроддзю, не засталася незаўважанай.
Камаю ўспомнілася яго першае дзяжурства на назіральнай станцыі. Балачан
прапанаваў тады пабыць разам. Ён адмовіўся. З упартасці. Хаця на добры лад
варта было згадзіцца. Бо тая ноч далася яму ў знакі. Ён быў увесь у
напружаным чаканні нечага таямнічага якое вось-вось павінна адбыцца за
сценкамі доміка. Не адрываў вачэй ад экранаў, прыслуховаўся да маўклівага
дынаміка. Хутка ў яго пачало мроіцца ў вачах, і ён ужо не разумеў, ці то яму
здалося, ці то на самай справе на экране лакатара паплылі няпэўныя,
зменлівых абрысаў цені. Ён нават прапусціў першы шорах. Да яго дайшло, што
дынамік ажыў толькі тады, калі шорах паўтарыўся. Аднак шорахі былі яго
адзіным здабыткам, як высветлілася раніцай. І не толькі яго, як аказалася
пазней...
- Якім здаецца свет праз чорныя акуляры?
Камай азірнуўся. Балачан стаяў побач.
- Нешта мы не так робім.
Балачан адвярнуўся ад акна, агледзеў пакой - прасторны, амаль без мэблі
- два сталы і некалькі крэслаў, усміхнуўся:
- Жывём, як на Зямлі.
- А працуем, як у космасе.
Зноў нешта трывожнае для сябе пачуў Балачан у гэтых словах Камая.
Пасур'ёзнеў, спытаў:
- Абрыдла?
Камай памаўчаў, быццам правяраў сябе, проста адказаў:
- Не.
Балачан задаволена кіўнуў галавой, прапанаваў:
- Пабываем у цяснінах, зараз?
Гравілёт апусціўся побач са станцыённым домікам. Лаланд ужо схаваўся за
горы, і ў даліне зрабілася цемнавата. Балачан выскачыў з кабіны, са
здавальненнем расправіў мускулы. На прыцярушаным тонкім пластом пылу
каменным доле віднеліся сляды, пакінутыя імі ў мінулыя прыезды. А далей
прасціралася няходжаная цаліна.
- Яшчэ адзін доказ на карысць Тарасевіча, - зазначыў Камай.
Балачан нічога не адказаў і, нахіліўшы галаву, пакрочыў да ўвахода ў
бліжэйшую цясніну. Камай, сочачы за адбіткамі яго падэшваў на пыле, пастаяў,
аж пакуль ён не схаваўся за павароткай, і тады пайшоў за ім. Каменны мячык
быў меншы за Зямлю, і вага людзей тут была адпаведна меншая. Аднак ногі,
адвыклыя ад працяглай нагрузкі, шаркалі, чапляліся за скрытыя пад пылам
зацвярдзелыя камякі, падгіналіся на роўным месцы. Камаю падумалася, што ім
трэба больш рухацца, часцей рабіць вылазкі па наваколлі. Гэта і для справы
будзе карысна, бо яны па сутнасці нічога пра планету не ведаюць, ва ўсім
даверыліся вывадам экспедыцыі Тураўца. А ёсць жа тут, напэўна, і іншыя
цікавыя куткі.
Калі Камай павярнуў у цясніну, Балачан быў ужо далекавата. Ён крочыў
больш упэўнена, лягчэй, чым Камай. На адлегласці нават не заўважалася, што
ён апрануты ў скафандр, і каб не гермашлем - празрысты бліскучы шар на
галаве, можна было б падумаць, што чалавек у звычайным зямным убранні.
Цясніна была доўгая і вузкая. Яе гранітныя бакі амаль не пашыраліся
ўверсе, былі гладкія і роўныя, як абліцаваныя. Камай ужо заглядваў сюды,
калі ставілі станцыю. Тады ў яго не хапіла часу, каб па-сапраўднаму ацаніць
гэту прыгажосць. А ў начныя дзяжурствы Балачан не дазваляў выходзіць вонкі,
ды ў цемры нічога гэтага і не ўбачыш.
Неўзабаве Балачан спыніўся, узняў галаву, нешта выглядаючы на стромкім
схіле.
- Што там? - крыкнуў Камай.
Балачан пачакаў яго, тады растлумачыў:
- Тут пачынаецца зона найбольшай актыўнасці шорахаў.
Камай слізгануў позіркам па каменнай сцяне. Нічога адметнага. Такая ж,
як і на пачатку цясніны. Наўрад ці маглі шорахі ўзнікаць недзе тут.
- Гэ-эй, турысты, дзе вы блукаеце?
Голас прагучаў неспадзявана. Камай з Балачанам здзіўлена павярнуліся
тварамі адзін да аднаго і засмяяліся. Не, гэта была не вестка ад таго, хто
шоргае нябачнымі падэшвамі па планеце ўначы. Гэта быў знак ад Тарасевіча.
- Хутка вернемся, - паабяцаў Балачан таварышу, які выклікаў іх з базы.
- Як заўсёды, нічога новага? - шлемафон дакладна перадаў іронію, якую
ўклаў у свае словы Тарасевіч.
- А што б ты хацеў? - пакрыўдзіўся Камай.
- Нічога, бо я нічога не чакаю.
- Га, Балачан! Давай дакажам малаверу і знойдзем жывую істоту вунь на
той гары! - Камай раптам развесяліўся. - Я веру Тураўцу.
- Якая патэтыка! - не сунімаўся Тарасевіч. - А ты што скажаш, камандор?
- Абед гатовы?
Тарасевіч папярхнуўся, а Камай зарагатаў.
Пазней, калі яны ўтрох сядзелі за абедзенным сталом, Балачан сам
вярнуўся да гэтай размовы.
- Мы дапускаем памылку, - нечакана для таварышаў сказаў ён, - вельмі
даверыліся прыборам.
- Яны дасканалыя, - запярэчыў Камай.
- І бездапаможныя без чалавека, - заўважыў Балачан.
- Як і чалавек тут, - уставіў Тарасевіч.
- Табе абы спрачацца, - папракнуў яго Камай.
- Хто пярэчыць? - не звярнуў увагі на Камаеву рэпліку Балачан. - Але
яшчэ няма штучнага мозгу, мацнейшага за чалавечы...
- Ты хочаш сказаць, што мы павінны пашырыць пошукі? Аблазіць усю
планету? Так? - ажывіўся Камай. Яго самога не надта задавальняла роля
рэгістратара пры экранах назіральнай станцыі. - Марнатраўства - сядзець
увесь дзень на базе.
- І ўначы таксама.
- Інструкцыя... - разгубіўся Камай. Ён ведаў, што ў інструкцыях,
складзеных для касмічных разведчыкаў, было шмат ад фармальнага. Але разам з
тым ён ведаў, што гэты фармалізм неабходны, бо загадзя ўсяго не
прадугледзіш, а неасцярожнасць часта прыводзіць да бяды. Таму ён нагадаў: -
Пункт пяты восьмага параграфа гаворыць: "Пакуль не высветлена сутнасць
з'явы, нельга лічыць, што чалавеку нічога не пагражае".
- У інструкцыі ёсць дадатак, помніш: "За выключэннем выпадкаў, калі
з'ява непасрэдна пагражае жыццю чалавека", - усміхнуўся Балачан.
- Не магу з табой спаборнічаць, - адмахнуўся Камай, - ты, напэўна,
ведаеш усе параграфы і дадаткі, пачынаючы з эпохі ранняга космасу. Аднак у
дадзеным выпадку нашаму жыццю нічога не пагражае.
- Каб не ты падкінуў мне там у цясніне гэту ідэю, я сказаў бы, што ты
занадта правільны чалавек для даследчыка, - Балачан хітравата бліснуў
вачыма. - Так што не прыкідвайся. І не глумі ў сабе, калі яна часам наведвае
цябе, тую вар'яцкую іскарку, якая адна абяцае вялікае адкрыццё. Не бойся яе!
- Мудрацы! - Тарасевіч дэманстратыўна пазяхнуў, пасунуў на край стала
брудны посуд, пачакаў, пакуль робат прыбярэ, і ўстаў: - То я пайду падрыхтую
гравілёт. Так, камандор? І праб'ю дзірку ў корпусе, каб стварыць гэту самую
пагрозу, - ён засмяяўся і выйшаў.
- Зайздрошчу Тарасевічу, - сказаў Камай, - ніякіх сумненняў.
- А ты не думаеш, што гэта занадта простае тлумачэнне? - задумліва
адказаў Балачан.
- Мудрэц, - тонам Тарасевіча паўтарыў Камай і спытаў: - Мне на станцыю
ці з табой?
- Твая чарга дзяжурыць, значыць, на станцыю. А я паспрабую парушыць
тваю інструкцыю. Як ты глядзіш на гэта?
- Табе не дакажаш. Але хоць не пакідай гравілёта, - ён са студэнцкай
пары з павагай ставіўся да імя Балачана і таму не адчуваў за сабой права
аспрэчваць яго рашэнні, нават нечаканыя, нелагічныя.
Балачан моўчкі кіўнуў галавой. Не мог ён сказаць клапатліваму таварышу,
што яго парада пустая. Бо якая розніца - сядзець на станцыі ці ў кабіне
гравілёта? А яму было важна на свае вочы паглядзець начную даліну, пакратаць
каменні пальцамі, адчуць ледзь улоўны посвіст ветру ў вузкіх цяснінах. І
шорахі. Каб можна было пачуць іх уласным вухам, без пасрэднікаў - прыбораў.
Менавіта пачуць, а не разглядаць іх перакладзенымі на мову лічбаў і
графікаў, быццам прэпарыраванымі. Але пра гэта ён можа толькі марыць.
Астаткавая атмасфера Каменнага мячыка не толькі моцна разрэджана, а і
адрозніваецца ад зямной. Так што, мажліва, дарэмна ён ломіцца ў адчыненыя
дзверы - нават выйшаўшы з кабіны, ён, пазбаўлены тых самых прыбораў, якія
саступаюць чалавечаму мозгу, убачыць і зразумее яшчэ менш.
Гэта быў не надта аптымістычны вывад, і ўся істота Балачана
пратэставала супраць яго. Пагадзіцца з ім - значыць прызнаць, што ёсць мяжа,
за якую чалавеку не пераступіць.
Апоўначы Камай паведаміў, што прыборы зноў адзначылі з'яўленне шорахаў.
Балачан адразу ж выехаў з базы. Апынуўшыся над далінай, ён бясшумна апусціў
гравілёт, прытуліў яго пад скалой. Потым схамянуўся, засмяяўся. Усё-такі
дзейнічае інстынкт самааховы: хіба нельга было пакінуць гравілёт пасярод
даліны? Павесялелы Балачан лёгка пераскочыў цераз борт.
Начная даліна аказалася таксама прыгожай. Скупое адлюстраванае святло,
якое пасылала на Каменны мячык суседняя планета, не пакідала паўценяў, і
гэта стварала ілюзію прывычнасці, натуральнасці. Быццам знаходзіўся Балачан
у Гімалаях, а з неба свяціў самы звычайны Месяц. Далёкія скальныя
нагрувашчванні ўяўляліся хвойнымі купінамі, асобныя магутныя валуны -
гмахамі, з акон якіх зусім нядаўна ліліся яркія электрычныя струмені.
Імкненне на чужой планеце заўсёды шукаць зямнога падабенства, уласцівае,
наколькі ведаў Балачан, усім касманаўтам, здзіўляла яго. Аднак і яго самога,
аказваецца, яно не абмінула. Няўжо ён, не заўважаючы, сумуе па Зямлі? А
можа, гэта проста ўнутраная перакананасць, што няма ў Сусвеце нічога
лепшага, дасканалейшага, чым усё зямное? І ці не перашкаджае гэта людзям на
чужых планетах, дзе шмат што не ўкладваецца ў гатовыя меркі? Напэўна,
Тарасевіч, падслухаўшы яго думкі, не стрымаў бы яхіднай рэплікі: "Мудрэц".
Бадай, гэта было б справядліва. Зараз не час для самакапання...
У цясніне, куды Балачан збочыў, было цёмна. Ён запаліў ліхтар,
скіраваўшы прамень пад ногі, прыслухаўся. Дзьмуў вецер, напэўна, па тутэйшых
вымярэннях шалёны - яго ледзь прыкметнае супраціўленне Балачан адчуў з
вялікай прыемнасцю. Узнік у шлемафоне і посвіст, амаль нячутны, але ўсё
роўна жаданы, быццам даносіўся з коміна якой-небудзь паляўнічай хаткі, якія
пакінуты на Зямлі для аматараў прыроды. Зноў яго мозг шукаў і знаходзіў
прывычныя аналогіі, і гэта пачало злаваць Балачана.
Ён прайшоў цясніну аж да наступнай даліны, потым завярнуў у суседнюю, у
апошнюю, трэцюю. Недзе побач з ім у гэты час нараджаліся і жылі шорахі,
Камай пра іх адразу паведамляў. А яму здавалася, што ў цемры цясніны нічога
пабочнага не існуе. Напэўна, ён падумаў гэта ўголас, бо Камай спытаў:
- Ты нешта сказаў?
- Як там у цябе?
- Звычайна, - няўпэўнена адказаў Камай.
- А дакладней? - Балачан заўважыў яго ваганні.
- Пры тваім набліжэнні шорахі быццам прападаюць і потым узнікаюць ужо
за тваёй спінай. Але я не ўпэўнены...
Не паспеў Балачан абдумаць гэту акалічнасць, як у шлемафоне прагучала:
- Гэй, вы, вартаўнікі зданяў! Пільнуеце?
Тарасевіч не спаў. І Балачан адразу дараваў яму і скептыцызм, і
насмешлівасць.
- Слухай, - тым часам гудзеў Тарасевіч, звяртаючыся да Камая, - прыкрый
свае лакатары, дай чалавеку пацешыцца натуральнай прыродай.
Балачан уявіў сабе, як усю прастору цяснін пранізваюць зараз, нібы
павуцінне, нябачныя выпраменьванні панастаўленых на навакольных вяршынях
прыбораў, і падумаў, што ў парадзе ёсць сэнс. Спадзявацца на чалавечыя
здольнасці, дык да канца. Хаця наўрад ці што гэта магло даць.
- Выключай, - на ўсякі выпадак падтрымаў ён Тарасевіча, - не трэба мяне
страхаваць.
- Ёсць, - коратка падпарадкаваўся Камай. А Балачан нібы адчуў наяве, як
раптам апалі нябачныя промні-павуцінкі. Аж у галаве зазвінела ад уяўнай
пустаты.
- Не баўся, аднак, - напаследак параіў Камай, - хутка світанне.
Балачан зірнуў на гадзіннік. Сапраўды, ужо мінула нямала часу, хутка
пара вяртацца, а ён усё яшчэ не прыдумаў, як яму дзейнічаць, што шукаць у
гэтых цяснінах. Усё навокал было ходжана-пераходжана. Але і стаяць на месцы
не выпадала, і ён патушыў ліхтарык. Пайшоў у другі канец даліны, рашыўшы,
што больш не будзе заходзіць у цясніны. Ён абмінуў адну, другую, а перад
трэцяй спыніўся, дзівячыся, чаго раптам яму так карціць збочыць у гэту
трэцюю цясніну. І неспадзявана для сябе ўсё-такі павярнуў.
Планета-суседка перамясцілася на небасхіле і цяпер вісела ўжо над
галавой. У цясніне крыху пасвятлела, яе сцены халодна паблісквалі, як
пакрытыя серабрыстым інеем.
Дала аб сабе знаць стома. Балачан адшукаў невялікі каменны выступ і
прысеў. Навокал лютаваў мароз, а яму было цёпла, утульна. Быццам знаходзіўся
ён не ў гарах, а ў салоне зоркалёта. Таго самага, на якім ляцеў сюды.
Навейшага галактычнага лайнера. Гэта цуд сучаснай тэхнікі. Нават забываеш,
што ты ў прасторы. Часам здаецца, што невялікі зямны гарадок накрылі
каўпаком, падрэзалі знізу і зрушылі з месца. Менавіта такімі ўяўляюцца
калідоры-вуліцы зоркалёта, пышны сквер на цэнтральнай плошчы, што побач з
камандзірскай рубкай, басейн-возера з праточнай вадой. І тут Балачан злавіў
сябе, што бачыць перад сабой зусім не зоркалёт, хоць намаляваная ў думках
карціна вельмі падобная на сапраўдную, а ціхі пасёлак на балтыйскім
узбярэжжы, дзе ён правёў цэлы месяц перад стартам з Зямлі. Відаць, успамін
быў такі прыемны, што Балачан ледзь не пачаў мроіць. Той такі знаёмы гарадок
раптам змяніў свой выгляд, набыў нейкія фантастычныя рысы. Нібы ў адно
зліліся вуліцы і дамы, выцягнуліся ўгору, і былі яны не пабудаваныя як
звычайна, а высечаныя ў каменнай гары, навіслай над шырокім зеленаватым
залівам. А крыху воддаль у заліў упадала паўнаводная рака. Малюнак быў такі
яркі, што аж засвяціўся ў вачах. Балачан нават падумаў, што ён нешта
падобнае ўжо недзе бачыў, інакш адкуль такая выразнасць, і тады заківаў
галавой, заморгаў вейкамі, як адганяючы насланнё. І зноў убачыў вузкую
цясніну і калматы бліскучы круг планеты-суседкі над галавой. Усё стала на
сваё месца.
- Трэба ж! - засмяяўся Балачан.
Таварышы, якія моўчкі сачылі за эфірам, адразу адгукнуліся.
- Што ты? - спытаў Тарасевіч.
- Задрамаў, ці што, - весела адказаў Балачан, - прыхіліўся і... Можа,
нават храпака даў, га, не чулі?
Пасмяяліся, і ўсё. А калі назаўтра Балачан зноў сабраўся ў даліну,
Тарасевіч пажартаваў:
- На каменным сеннічку мякчэй спіцца.
- Вазьмі падушку, - дадаў Камай.
Балачан толькі пасміхаўся. Кпіны таварышаў мелі падставу - яму
давядзецца не спаць яшчэ адну ноч. Трэніроўка - трэніроўкай, а галава будзе
не вельмі ясная. Разам з тым ён не мог паслаць каго іншага. Ён пачаў ужо
ўжывацца ў асяроддзе, і яму будзе лягчэй заўважыць любую перамену, калі яна
здарыцца. Адно толькі - не было ў яго пэўнай думкі: весці адначасова
назіранні са станцыі ці не. Хаця Тарасевіч так і не растлумачыў, чаму ён
параіў Камаю выключыць прыборы, Балачан чамусьці быў упэўнены, што ў парадзе
ёсць пэўны сэнс. Таму сказаў Тарасевічу:
- Пабудзь сёння на базе.
- Містыка! - абурыўся Камай.
- Дзе здані, там заўсёды д'ябальшчына, - захоўваючы сур'ёзны выгляд,
уставіў Тарасевіч і горача, можа, трохі гарачэй, чым вымагаў момант,
паабяцаў: - Адасплюся...
Ён больш нічога не дадаў. Балачану вельмі хацелася спытаць, што ён
зараз думае. Але не адважыўся. Гэты хлопец перш сам упэўніцца, а тады ўжо
скажа. Інакш слова з яго не выцягнеш, усё на жарт пусціць. А то і
што-небудзь з'едлівае ўлепіць. Вось і прыходзіцца чакаць, пакуль яго думка
сама выспее.
- Я там буду, - коратка сказаў Балачан таварышам на развітанне,
махнуўшы рукой у бок станцыі.
- Адрас стары, - не ўтрымаўся Тарасевіч, - даліна Шорахаў, цясніна
Летуценняў.
- Не забудзь запісаць у Атлас, - пакінуў за сабой апошняе слова
Балачан. Але, дабраўшыся да месца, усё-такі ўспомніў прыдумку Тарасевіча.
Трапна сказана, можа прывіцца. Вось так, напэўна, і з'яўляюцца назвы ў
геаграфіі і астраноміі, а мы потым доўга шукаем у іх нейкі асаблівы сэнс. А
яго часцей за ўсё няма, назва - дзіця хвіліны, плод фантазіі жартаўніка.
У даліне ўсё было як учора. За выключэннем аднаго - спакою Балачана.
Раз за разам абыходзіў ён цясніны, прысаджваўся на той самы каменны выступ,
на якім надоечы ледзь не заснуў, нецярпліва ўскакваў і крочыў далей. Ён
чагосьці чакаў, спадзяваўся, што менавіта сёння адбудзецца з ім нешта
незвычайнае.
Світанне засцігла яго паблізу гравілёта. Спачатку над базай акрайчык
чорнага неба набрыняў цяплом, пасвятлеў. Потым у прамежку паміж горнымі
вяршынямі бліснуў серп Лаланда. Ён поўніўся на вачах, і разам з гэтым дзень
з гор апускаўся ў даліну.
Балачан зрушыў з месца гравілёт, імкліва ўзмыў у вышыню. Даліна з яе
трыма цяснінамі засталася далёка знізу. Ён, нібы развітваючыся з ёю, у
апошні раз зірнуў уніз, і раптам у яго трывожна скаланулася сэрца. Нешта да
болю знаёмае ўбачылася яму ў гэтых абрысах. І тады прыйшло адчуванне нечага
прыемнага, значнага, што неўзабаве адбудзецца з ім. На базу Балачан вярнуўся
заспакоены, у добрым настроі.
Таварышы ўжо знаходзіліся ў лабараторыі. Камай варажыў над дэшыфратарам
электрамагнітных сігналаў. Тарасевіч сядзеў воддаль, трымаючы на твары міну
абыякавасці. Балачан толькі пасміхнуўся сам сабе: Тарасевіч быў у сваім
амплуа скептыка.
- Каго ловіш? - спытаў Балачан у Камая.
- Твой вопыт пераймае, бачыцца яму другі Палукс, - замест Камая адказаў
Тарасевіч.
- Ты тады прачытаў чужую перадачу, - Камай ужо прывык да выбрыкаў
Тарасевіча і не звярнуў на яго ўвагі, - а што, калі нашы шорахі таксама
чыясьці перадача? Хіба гэтага не можа быць?
- Думаеш? - няпэўна прамовіў Балачан, а самому раптам са здзіўляючай
выразнасцю прыгадалася даліна і цясніны. - Думаеш? - паўтарыў ён і
пажартаваў: - Мы не ўсё ўмеем чытаць, - злавіўшы напружаны позірк
Тарасевіча, дадаў: - Напрыклад, думкі. Што думае зараз наш лекар?
Тарасевіч, які выконваў у іх экспедыцыі абавязкі доктара, насмешліва
адпарыраваў:
- Ну, гэта яшчэ старажытныя ўмелі. Я думаю, што вы на маіх вачах
вар'яцееце. Проста, праўда?
Балачан, аднак, падумаў, што зусім не так проста. Яму зноў здалося, што
Тарасевіч нешта мае на ўвазе, толькі не рашаецца выказаць услых. Відаць, яго
думка можа здацца абсурднай, а ён нічога так не баіцца, як паказацца
смешным. Бяда з моладдзю. Колькі цікавых ідэй, напэўна, вось так застаецца ў
цяні з-за амбіцыі і ўмоўнасцей. І не падыдзеш да чалавека нават з цёплым
словам, не прыме. Балачан уздыхнуў: мала яму шорахаў, дык яшчэ і Тарасевіч
са сваімі недамоўкамі.
Электраўсыпляльнік дзейнічаў хутка. Балачан паспеў улавіць толькі
пачатак нейкай дзіўнай, як яму здалося, размовы таварышаў, як яго агарнуў
глыбокі сон.
Балачан спаў роўна шэсць адмераных ім для адпачынку гадзін. Аднак,
прачнуўшыся, яшчэ доўга ляжаў і думаў. Па-першае, яму адразу ўспомнілася
апошняя пачутая ім фраза, сказаная Тарасевічам: "У старога ёсць нюх, ён
словамі не кідаецца". І па-другое, сон. Звычайна, засынаючы з дапамогай
усыпляльніка, яны нічога не снілі. Сёння гэта парушылася. Сон прывідзіўся
выразны, быццам ява. Хаця наяве нічога гэтага, вядома, не было. Гара,
парэзаная цяснінамі, не мела нічога агульнага з гмахамі, якія ён убачыў у
сне. Падобна на тое, што ў яго разгульваюцца нервы. Бо калі ў сне бачыш тое,
што хацеў бы ўбачыць у сапраўднасці, трэба звяртацца да доктара. Балачан
усміхнуўся, падняўся з ложка, пачаў апранацца. Ён бы звярнуўся да
Тарасевіча, каб не яго словы пра нюх. Напэўна, Тарасевіч з Камаем вельмі
вераць у непагрэшнасць свайго камандора, а ў такім выпадку аб'ектыўнасці
чакаць цяжка. Трэба пазбаўляцца трызненняў самому, знайшоўшы якую-небудзь
цікавую гіпотэзу, што захапіла б і яго, і таварышаў.
Аднак, калі Балачан выказаў гэту сваю думку, сказаўшы, што ў даліне
больш рабіць няма чаго, хлопцы нечакана для яго заўпарціліся.
- Мітусішся, - зазначыў коратка і з'едліва Тарасевіч.
- Давай давядзём да канца пачатае, - не згадзіўся і Камай, - хочаш, я
паеду замест цябе.
- Вынікаў жа няма, - паспрабаваў пераканаць Балачан.
- У нас наперадзе шмат часу, каб дазволіць сабе не спяшацца, - сказаў
Камай.
... ... ... Продолжение "Шорахі чужой планеты" Вы можете прочитать здесь Читать целиком |